TOP

Пагоня

Максим Богданович
27 ноября (9 декабря) 1891, Минск — 12 (25) мая 1917, Ялта

 

ПАГОНЯ

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, —
Ўспомню Вострую Браму святую
I ваякаў на грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні, —
Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
He разбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязмерную даль вы ляціце,
A за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць i куды?

Mo яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі i аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі,
He давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…

Маці родная, Маці-Краіна!
He усцішыцца гэтакі боль…
Ты прабач. Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Усё лятуць i лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
He разбіць, не спыніць, не стрымаць.

 
 

ТРЫЯЛЕТ

Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
Чаму ж нядобры час прынёс
Мне доўгае расстанне з Вамі?
Я пабляднеў ад горкіх слёз
I трыялет пачаў славамі:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.

 
 

Ізноў пабачыў я сялібы

Ізноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сцены мохам параслі,
Ўсё ў пылу. І стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў… Ўсё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
І толькі надпіс «Вераніка»,
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.
Расці, ўзмацовывайся, дрэва,
Як манумент жывы, ўставай
І к небу надпіс падымай.
Хай нерухомы словы спева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.

Comments are closed.

Highslide for Wordpress Plugin